Оцените этот текст:




     ---------------------------------------------------------------------
     У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975
     OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года
     ---------------------------------------------------------------------

     Пройдзе час,  з  зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і
накіруюцца да далёкіх галактык.
     Магчыма,  гэта адбудзецца ўжо ў  наступным стагоддзі,  магчыма,  значна
пазней.  Але  наша  мара не  хоча чакаць,  мы  ўжо  цяпер хочам ведаць,  што
напаткае бясстрашных астралётчыкаў у  бясконцай прасторы.  Аб  іх  прыгодах,
лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.


     З таго моманту, як Раіса Фёдараўна ўвайшла ў клас, Слава адчуў трывогу.
Настаўніца не павінна была выклікаць яго,  ён адказваў толькі надоечы.  А  ў
грудзях усё роўна шчымела. Ад іх Раісы Фёдараўны можна было чакаць усяго - і
чаго хочаш,  і чаго не хочаш.  Слава не хацеў,  каб яго сёння выклікалі,  не
вывучыў урок. Ды хіба ў жыцці бывае так, як табе трэба? Вось і сядзі, дрыжы.
І чаму гэта чалавек не ўмее адгадваць сваю будучыню?  Ну хаця б трошачкі, на
якую гадзіну або нават на палову гадзіны наперад...
     А  настаўніца не  спяшалася.  Яна ўважліва,  быццам ацэньваючы кожнага,
правяла позіркам па партах і зноў схілілася над класным журналам.  "Ну,  што
яна там корпаецца,  -  занепакоіўся Слава. - Кол дык кол. Абы хутчэй ужо". І
тады ўявіў сабе,  як стаіць перад настаўніцай і як яна пытае: "Селівонік, за
які час абедзве трубы напоўняць басейн?" Быццам гэта так ужо важна. У бацькі
ў  інстытуце электронна-вылічальная машына  за  некалькі  хвілін  падлічыла,
колькі  вады  прынясе  рака  ў  цэлае  вадасховішча  за  год,  за  два...  А
патрэбіцца,  дык і на дзесяць гадоў наперад падлічыць. Але сцэна ганьбы была
такая яркая, што Слава аж сцепануўся.
     - Ты чаго? - штурхнуў яго ў бок сусед Косцік Манцэвіч.
     - Выкліча цябе, тады будзеш ведаць, - прашыпеў узлаваны Слава.
     - Бяда вялікая!  -  Косцік быў выдатнікам,  і  для яго гэта праблема не
існавала.
     Славу стала крыўдна,  што ёсць людзі,  якія не баяцца настаўнікаў, і ён
рашыў падкалоць таварыша.
     - А ты ведаеш,  што табе паставяць?  -  шапнуў ён,  косячыся, ці не чуе
Раіса Фёдараўна.
     Косцік раскрыў рот,  хацеў, відаць, сказаць, што не сумняваецца. Але ён
быў сумленны хлопец і таму завагаўся.
     Слава  заўважыў  на  яго  твары  разгубленасць,  пераможна  паглядзеў і
сказаў:
     - Бачыш...
     І тут настаўніца, нарэшце, зрабіла выбар. Выклікала Косцю.
     Манцэвіч нешта пісаў на  дошцы.  Што -  Слава не бачыў І  не чуў.  Як і
нядаўна,  ён зноў убачыў сябе ля дошкі.  Быццам рашае і  ніяк не можа рашыць
задачу, і крэйда крышыцца, абсыпаецца на падлогу, пэцкае пальцы. Слава нават
пацёр пальцы аб калена,  каб ачысціць іх ад крэйды, і... на штанах засталіся
белыя плямкі. Слава пакруціў галавой, адганяючы прывід. Плямкі прапалі.
     - Селівонік!
     "Дачакаўся!  -  мільганула думка, і ён пакорліва пайшоў да дошкі. - Але
ўсё роўна штаны не запэцкаю!" - з незразумелай для сябе ўпартасцю рашыў ён.
     А далей было,  як у сне. Ён стаяў, вада не хацела цячы з тых злашчасных
труб, крышылася крэйда, сыпалася на падлогу...
     - Ай,  Селівонік,  ай, Селівонік, - папракнула настаўніца, - не вучыш і
на ўроках размаўляеш...
     Яна гаварыла нешта яшчэ. Слава не слухаў. Ён, як зачараваны, глядзеў на
калена,  дзе  красаваліся тры  белыя  плямкі  ад  брудных  пальцаў.  І  тады
прыгадалася:  сцэна,  якую ён уяўляў,  і сцэна,  якая адбылася з ім на самой
справе,  былі  зусім аднолькавыя.  Нават палоскі,  хаця  ён  не  збіраўся іх
рабіць, былі такія ж.
     Раз-пораз паглядаючы на  плямкі-палоскі,  Слава ўздыхаў:  ён бязвольны,
нікчэмны чалавек.  А  што будзе,  калі яго напаткае сапраўднае выпрабаванне?
Потым падумалася,  што ніякіх такіх выпрабаванняў у  яго на  бліжэйшы час не
прадбачыцца,  і  Слава  павесялеў.  Усе  гэтыя клопаты -  дробязь.  Падумаеш
задача! Ён, калі захоча, рашыць яе сёння... або заўтра.
     На  вялікім перапынку Слава першым выбег з  класа.  На  гэтым перапынку
меўся адбыцца іх матч з  шостым "а".  Слава ж цэнтр нападзення.  Ён падбягаў
ужо да спартыўнай пляцоўкі,  дзе было футбольнае поле, як раптам нейкі голас
спытаў: "Чаго ты, уласна, спяшаешся?" Слава хацеў адказаць, нават азірнуўся,
шукаючы гэтага нахабніка, і тады адчуў, што голас гучаў нібы ў ім самім. "Вы
прайграеце",  -  працягваў голас.  Слава спыніўся, сціснуў кулакі. Вось яна,
бязвольнасць!  Але ён дакажа ўсім.  І сабе самому, і шасцікласнікам. А перад
вачамі стаяў адзін і  той жа  эпізод матча.  Слава аж плюнуў.  Трэба ж:  ён,
Селівонік,  лепшы футбаліст класа,  у  якога такі моцны і трапны ўдар левай,
выходзіць адзін  на  адзін з  варатаром шостага "а"  Пецькам Масальскім і...
пускае мяч побач са  штангай.  Пецька нават не варухнуўся,  а  потьгм яшчэ і
язык паказаў...
     - Ну,  я табе!  -  Слава сарваўся з месца і, мінаючы брамку, пераскочыў
цераз плот.  На хаду скідваючы світэр,  пад якім была ў  яго надзета майка з
нумарам дзевяць, ён крыкнуў: - На поле, час не церпіць!
     Нішто не апраўдвала Славіных прадчуванняў.  Ужо з першай атакі ён забіў
гол.  Праўда, шасцікласнікі неўзабаве зайгралі лепш, але Слава і таварышы па
камандзе захоўвалі перавагу ў ліку.
     - Засталося пяць хвілін, - паведаміў Косцік, прабягаючы міма Славы.
     - Угу, - задаволена кіўнуў Слава і падняў руку, просячы пас.
     Мяч да яго не дайшоў.  Больш таго, ён зрэзаўся з нагі абаронцы і ўляцеў
у  вароты іх каманды.  Слава нахмурыўся.  Пачынаючы з  цэнтра,  ён аддаў пас
назад Косціку,  а  сам  ірвануўся наперад.  І  зноў мяч  да  яго не  трапіў,
заблытаўся ў нагах на іх палавіне поля.  Потым,  як нехаця,  выкаціўся з-пад
купкі хлопцаў і спыніўся. Раней за ўсіх ля мяча апынуўся шасцікласнік. Слава
аж  зажмурыўся.  За дзве хвіліны да канца матча яны прайгравалі ўжо з  лікам
адзін - два.
     - Адыграемся! - крыкнуў ён сваім хлопцам. - Пасні, Манцэвіч!
     Косцік паснуў.  Выдатна. Так, як толькі ён умеў: прама насупраць варот,
пад левую нагу.  Удар!..  Мяч ляціць побач з  бакавой штангай,  а  Пецька...
паказвае язык.
     Загучаў  свісток  суддзі.  Запляскалі  ў  далоні,  запішчалі  дзяўчаты,
засвісцелі хлопцы...  Слава як не чуў усяго гэтага.  Ён дзівіўся з сябе, што
так дакладна прадбачыў, як скончыцца матч.
     І  футбалісты,  і  гледачы доўга не затрымаліся на пляцоўцы,  пабеглі ў
класы.  Слава астаўся.  Ён панура брыў па школьным двары і вінаваціў сябе за
промах.  На  момант падумалася,  што  зараз урок  класнай і  яна  абавязкова
спытае,  дзе гэта Селівонік,  ці не захварэў часам?  А заўтра напіша бацькам
запіску,  і ён сам аднясе яе. Слава па прывычцы паспрабаваў уявіць сабе, што
зараз адбываецца ў класе,  але нічога не атрымалася.  Мроілася нейкая лухта.
Трэба ж, быццам не класная, а сам дырэктар - ён жыве ў суседнім з іхнім доме
- сустрэўшы бацьку на аўтобусным прыпынку, паскардзіўся на яго, Славу.
     Слава аж  памацаў свой  лоб:  такое можа  прывярэдзіцца толькі хвораму.
Адзін,  нават  два  ўрокі  -  дробязь,  у  горшым  выпадку на  савет  атрада
пацягнуць.  Дырэктар тут ні пры чым.  Слава ўздыхнуў з  палёгкай і  прыбавіў
кроку.
     - Мазіла, мазіла!
     Слава азірнуўся, цікава, каго гэта так дражняць?
     Некалькі першаклашак -  во,  драбнота!  -  нахабна  глядзелі на  яго  і
паўтаралі:
     - Селівонік мазіла!
     - Я вам дам мазілу, - узлаваўся Слава і рушыў да малых.
     Хлапчукі  кінуліся  хто   куды.   Толькі  адзін,   самы  меншы,   нешта
прамарудзіў,  і  Слава  даў  яму  штурхеля.  Не  надта моцнага,  больш,  каб
напалохаць.  Малы аказаўся няўклюдай,  зачапіўся нагой за  нагу і  плюхнуўся
тварам у  пясок.  Ён адразу ж  падхапіўся і  памчаўся за астатнімі,  а Слава
заўважыў,  што ў  хлопца з носа паказалася кроў.  "Гэтага яшчэ не хапала,  -
падумаў Слава. І тут яго як пацягнула ўзняць вочы. Ён убачыў дырэктара, які,
стоячы ля акна,  размаўляў па тэлефоне і строга глядзеў на яго. - Гэтага мне
не хапала!" - ніякавата паўтарыў сабе Слава і паплёўся дадому.
     А далей зноў было так, як яму ўяўлялася. Дырэктар сустрэў на аўтобусным
прыпынку бацьку і  расказаў,  што  Слава не  толькі прапускае заняткі,  а  і
крыўдзіць малых.
     Слава пасля не  спаў усю ноч.  Не таму,  што дасталося ад бацькі.  Гэта
здарылася не ўпершыню.  І ў такіх выпадках,  як бы горка ні было, ён засынаў
хутка.  Сёння ж ён на бацькавы словы нават не звярнуў увагі. Яго галава была
занята іншым:  няўжо збылося жаданне,  якое прыйшло да яго раніцай на ўроку,
няўжо цяпер ён зможа заглядваць у  будучыню?  І  чаму менавіта ў яго,  Славы
Селівоніка,  з'явілася такая здольнасць,  а не, скажам, у Косціка Манцэвіча,
самага лепшага вучня іх класа?
     Нічога пэўнага Слава так і не прыдумаў. Тым не менш быў вельмі рады: ён
не  падобны  на  іншых,  ён  умее  прадбачыць  будучыню,  яму  цяпер  будуць
зайздросціць.  І  не  падазраваў Слава,  што чакаюць яго цяпер не  шчаслівыя
хвіліны, а адны непрыемнасці...
     Раней Слава ніколі не клапаціўся,  што будзе потым. Будзе, і ўсё. Цяпер
жа  стаў  баяцца  нават  думаць пра  гэта  "потым".  Бо  як  задумаецца,  то
абавязкова спраўдзіцца,  ды не добрае,  а,  наадварот,  дрэннае. А галоўнае,
няма яму ніякай карысці ад гэтага.
     Ну,  што б,  здавалася, не папярэдзіць яму сябе самога: гэтага не рабі,
туды не  хадзі,  бо  будзе так і  так.  Дык не.  Як ужо сядзіш у  класе,  не
вывучыўшы ўрока,  то толькі тады даведаешся, чым скончыцца тваё гультайства.
А што ў фізічным кабінеце здарылася!  Нават сорамна каму сказаць,  што ўмееш
прадбачыць  будучыню.   У  той  дзень  кіраўнік  фізічнага  гуртка  чамусьці
запазніўся.  Усе хлопцы сядзелі ціха, чакалі. Аднаму Славу як хто калючак на
стул панакідаў.  То  туды сунецца,  то  сюды.  Пакуль не зачапіў нагой нейкі
провад і  не вырваў яго з  клемы.  У кабінеце нібы маланка бліснула,  а тады
стала цёмна-цёмна.  Толькі гут Славу ўявілася:  уваходзіць, нібыта, кіраўнік
гуртка,  пытаецца,  што здарылася, і кажа: "Парушальнікам тэхнікі бяспекі не
месца ў нашым гуртку. Так, рабяты?"
     І  ніхто  не  паспачуваў яму,  Славу  Селівоніку,  лепшаму футбалісту ў
класе: аднагалосна пастанавілі выключыць яго з гуртка.
     Хаця Слава і ведаў, што ў сваіх прадбачаннях не памыляецца, на гэты раз
толькі пасміхнуўся сам  сабе.  Не  могуць хлопцы вынесці яму  такое  суровае
спагнанне. І ўзрадаваўся: нарэшце ён памыліўся.
     На жаль,  не памыліўся.  Выключылі,  аднагалосна.  Што-што,  а глядзець
наперад ён,  аказваецца,  умеў.  І  тут,  упершыню,  Слава спалохаўся гэтага
свайго ўмення.  Ён зрабіўся маўклівым, асцярожным. Клічуць хлопцы на футбол,
а ён выдумляе якую-небудзь прычыну,  каб адмовіцца, бо лепш не пайсці зусім,
чым загадзя ведаць,  калі ты па варотах прамажаш. Не вывучыць урок - з класа
збяжыць. Каб не папасці ў аварыю - у аўтобус не сядзе...
     І Косцік, і астатнія сябры спачатку пыталіся, што з ім. Ён адмоўчваўся.
Як ты ім скажаш,  калі і  сам не надта разумееш,  што гэта і адкуль узялося,
калі  ніякіх доказаў не  маеш.  Ну,  і  пайшла пра  Славу  пагалоска як  пра
чалавека несучаснага,  няўстойлівага.  Слава  нават  пачаў чакаць,  што  яго
неўзабаве на  савет  атрада паклічуць,  каб  там  справаздачу трымаў.  Адным
словам,  жыццё пайшло туды-сюды,  і ён скарыўся гэтаму.  З заняткаў,  каб не
папасці ў якую бяду, спяшаўся дадому і зачыняўся ў сваім пакоі.
     Афішу,  якая абвяшчала,  што  ў  школу прыедзе касманаўт Павел Іванавіч
Гушча,  Слава прачытаў яшчэ раніцай.  На  перапынку,  калі ўсе вучні былі на
двары,  ён зноў падышоў да аб'явы.  Яму вельмі хацелася пабыць на сустрэчы з
чалавекам,  які першы з людзей ступіў на Марс, калі ўдасца, пагаварыць нават
з ім,  параіцца.  Бо аб космасе Слава марыў ледзь не з першага класа, хацеў,
як вырасце,  стаць касманаўтам.  Яшчэ нядаўна ён быў упэўнены,  што стане. А
цяпер ужо -  не. Што з таго, калі ён нават і пагаворыць з Гушчам? Варта таму
толькі папытаць,  як Слава вучыцца,  як паводзіць сябе, ці добры ён сябар, і
адразу ўсё скончыцца. Каму патрэбны двоечнікі і недысцыплікаваныя? Слава, як
наяве,  прадставіў сабе вынік магчымай размовы з касманаўтам і адвярнуўся ад
афішы.
     - Ты што такі засмучаны? - пачуў ён збоку чыйсьці ціхі голас.
     Слава падумаў,  што  гэта зноў ягонае славутае прадбачанне напамінае аб
сабе, і не адказаў.
     - А ўсё-такі? - не адставаў голас.
     Слава  на  ўсякі  выпадак скасіў вочы.  Побач  стаяў незнаёмы чалавек і
ўважліва глядзеў на яго.  Слава рашыў,  што гэта нехта з бацькоў, і паціснуў
плячамі.
     - Давай пройдземся, вунь да таго акна, - чалавек паказаў на другі канец
калідора і паклаў на Славіна плячо руку. - Ты хто?
     - Слава  Селівонік,  -  адкрыты ласкавы позірк чалавека спадабаўся яму,
выклікаў давер.
     - А  я -  Павел Іванавіч.  Вось і пазнаёміліся.  Так?  То што ў цябе за
бяда, Славік?
     У Славы аж перахапіла горла.  Ну,  канешне ж, ён ведае гэтага чалавека.
Колькі разоў бачыў яго партрэты ў газетах, часопісах, па тэлевізары. Як гэта
ён не пазнаў адразу!
     Гушча глядзеў на яго,  пасміхаўся,  і вясёлыя промнікі-маршчынкі ва ўсе
бакі разбегліся ад яго вачэй. Потым Павел Іванавіч пасур'ёзнеў і сказаў:
     - Калі гэта тайна, я прашу прабачэння.
     Ад роспачы,  што гэты чалавек возьме зараз і  пойдзе,  у Славы на вачах
выступілі слёзы. Ён ледзь не крыкнуў:
     - Не, не...
     - Ты, напэўна, хочаш стаць касманаўтам?
     Слава толькі матнуў галавой, баючыся словамі парушыць сваё шчасце.
     - Усё залежыць ад цябе...  -  пачаў быў Гушча, але запнуўся і спытаў: -
Не ўсё, так?
     - Ага, - выдавіў з сябе Слава і раптам адчуў палёгку: з гэтым чалавекам
не трэба таіцца. - Я стаў бы касманаўтам. Але я... прадбачу.
     Павел Іванавіч,  нібы яму было ўсё зразумелым,  згодна кіўнуў галавой і
папрасіў:
     - Калі ласка, падрабязней.
     На  імгненне Славу зноў ахапіў адчай:  раптам Гушча не зразумее.  Аднак
вагаўся нядоўга.  Павел Іванавіч не абы-хто,  касманаўт,  ён усё зразумее. І
пачаў  расказваць,  баючыся аднаго,  каб  раптам  не  зазвінеў званок  і  не
перашкодзіў ім.
     Гушча  слухаў  уважліва,   сур'ёзна.  Калі  Слава  скончыў,  нейкі  час
задумліва маўчаў. Потым спытаў:
     - Прадбачанні бываюць толькі кепскія?
     - Успамінаць боязна.
     - Хочаш іх пазбавіцца?
     - Вельмі...
     - Так, так, - заклапочана прамовіў Павел Іванавіч. - Які ў вас наступны
ўрок?
     - Фізіка...
     - Што гавораць твае прадбачанні?
     - Я ж у касманаўты збіраюся, - з дакорам адказаў Слава.
     - Значыць, вывучыў? Так. Вядома, калі вывучыў, то ніякія прадбачанні не
страшныя. А іншыя ўрокі ты не спрабаваў штодня вучыць? Не? А ты паспрабуй.
     Слава сумеўся.  Ён, зрэшты, і чакаў такога кірунку іх размовы, не трэба
было пачынаць...
     Павел Іванавіч, нібы не заўважыў перамену ў яго настроі, прапанаваў:
     - Вось табе мой  тэлефон.  Давай дамовімся аб  адным.  Ты  цэлы тыдзень
будзеш вучыць не  толькі фізіку,  а  і  астатнія прадметы.  А  праз  тыдзень
пазвоніш мне.  Паглядзім,  што атрымаецца. І на футбольныя трэніроўкі хадзі,
адпрацоўвай удар левай.  Ну,  а  малых...  Разумею,  гэта выпадкова.  Але ты
старайся ўсё-такі спачатку думаць, а потым рабіць.
     І  тут  зазвінеў званок,  калідор адразу напоўніўся шумам -  воклічамі,
смехам, тупатам.
     - Пайду ў настаўніцкую, - сказаў Гушча. - Пазвоніш, га?
     - Абавязкова! - крыкнуў Слава.

Last-modified: Sun, 26 Oct 2003 09:53:16 GMT
Оцените этот текст: