Оцените этот текст:




     ---------------------------------------------------------------------
     У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975
     OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года
     ---------------------------------------------------------------------

     Пройдзе час,  з  зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і
накіруюцца да далёкіх галактык.
     Магчыма,  гэта адбудзецца ўжо ў  наступным стагоддзі,  магчыма,  значна
пазней.  Але  наша  мара не  хоча чакаць,  мы  ўжо  цяпер хочам ведаць,  што
напаткае бясстрашных астралётчыкаў у  бясконцай прасторы.  Аб  іх  прыгодах,
лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.


     Ад  праважатага Балачан адмовіўся.  У  прысутнасці незнаёмых людзей  ён
заўсёды  адчуваў  сябе  ніякавата.  Прагназісты гарантавалі на  бліжэйшы час
яснае надвор'е без пылавых бур і  метэарытных дажджоў.  І быў самы раз,  каб
паехаць аднаму.  Адзін ён будзе адчуваць сябе вальней і зможа адразу і больш
поўна  ўвайсці ў  гэты  пакуль што  невядомы і  таму  прываблівы свет  чужой
планеты.  Яму  вельмі  хацелася гэтага,  бо  ён  упершыню пакінуў Зямлю,  не
пабываўшы за  свае дваццаць два гады нават на  суседнім Месяцы.  Усё неяк не
выпадала, не было патрэбы.
     Зрэшты і тут,  на Марсе,  ён апынуўся зусім неспадзявана. Сёлета канчае
універсітэт,  спецыялізаваўся на ранняй касмічнай гісторыі.  Калі ж  надышла
пара брацца за дыпломную работу,  Касай,  яго кіраўнік,  нечакана прапанаваў
яму змяніць тэму,  узяць больш позні час -  першыя палёты да  зорак.  Тэма ў
гісторыі была зусім не распрацаваная.  І  не дзіўна.  Эпоха палётаў да зорак
пачалася якіх-небудзь паўтара стагоддзя назад.
     Уласна кажучы,  гэта была не  тая гісторыя,  якая вабіла Балачана.  Яна
амаль не  мела  здабыткаў.  Бо  нават першыя зоркалёты не  вярнуліся яшчэ са
сваіх падарожжаў, час і адлегласць якіх вымяраліся светлавымі гадамі. Толькі
асобныя і  часта няпэўныя звесткі аб  тых зоркалётах дайшлі пакуль да Зямлі.
Але Балачан паважаў свайго выкладчыка, які вучыў яго з самага першага курса.
І каб не засмучаць добрага настаўніка, згадзіўся памяняць тэму.
     Відаць,   кіраўнік  зразумеў,   што  ў  гэтай  згодзе  не  хапае  душы,
зацікаўленасці,  якая  адна  прымушае  чалавека жыць  любімай  справай.  Бо,
прагледзеўшы план работы, ён задуменна сказаў:
     - Я думаў, што ў дзяцінстве ўсе мараць пра зоркі.
     Балачан  здзівіўся.  Гэты  вывад  наўрад  ці  выцякаў  з  аналізу плана
дыпломнай работы,  складзенага згодна з навуковымі патрабаваннямі. Але разам
з тым кіраўнік не памыліўся.  Балачан, калі вучыўся ў школе, сапраўды ніколі
не  марыў стаць астралётчыкам.  Бадай,  ён  быў  выключэннем у  сваім класе.
Космас тады для  школьнікаў быў як  паэзія.  Бо  хто ў  тым узросце не  піша
вершаў!  Балачан не пісаў, і Касай гэта зразумеў. Што, аднак, прывяло яго да
гэтай думкі?
     Балачан ведаў,  што  выкладчык сам марыў пра далёкі космас не  толькі ў
маленстве. Нават быў блізкі некалі да таго, каб мара стала явай. Перашкодзіў
недарэчны выпадак -  Касай  на  трэніроўцы зламаў  нагу.  Зоркалёт "Чырвоная
маланка",  экіпаж  якога  складаўся  ў  асноўным  з  аднакашнікаў  Касая  па
касмічнай школе,  стартаваў без  яго.  З  тае пары мінула больш за  паўвека.
Касай  усе  гэтыя гады  выхоўваў моладзь,  вёў  ва  універсітэце спецкурс па
ранняй касмічнай гісторыі,  і  ніхто не чуў ад яго нават слова пра палёты да
зорак. Дык чаму ён раптам парушыў маўчанне? Набалелае ж трэба аддаваць таму,
хто здолее яго прыняць.
     Балачан не  пераацэньваў сябе,  не  знаходзіў у  сабе  якасцей,  якія б
абяцалі поспех у даследаваннях па новай тэме.  Больш таго,  ён адчуваў,  што
яна не захапіла яго.  Ну што ж, ён выканае работу, калі таго хоча настаўнік.
А потым вернецца да пары Гагарына і Армстронга.  Але,  разважаючы так, ён не
мог пазбыцца неспакою. Ён не любіў няяснасцей.
     І вось камандзіроўка на Марс. Тут знаходзіцца самая магутная ў Сонечнай
сістэме станцыя далёкай сувязі і  пры ёй -  Цэнтральны касмічны архіў.  У ім
захоўваюцца ўсе  матэрыялы аб  асваенні  і  заваяванні космасу.  Пачынаючы з
першага штучнага спадарожніка Зямлі і  аж да нерасшыфраваных сігналаў,  якія
прыйшлі ў Сонечную сістэму -  ці ад зямных зоркалётаў, скажоныя адлегласцю і
перашкодамі, ці, хутчэй за ўсё, ад бясконца далёкіх галактык або пульсараў.
     Балачан не верыў у  сігналы,  якія нібыта прыйшлі ад іншых цывілізацый.
Нешта ніхто не сустрэў іх да гэтага часу нават у далёкім Сусвеце.  Усё,  што
не паддаецца расшыфроўцы, - парадзіла мёртвая прырода.
     Развітаўшыся з  дыспетчарам у касмапорце,  Балачан сеў у электрамабіль.
Ён не мог заблудзіцца.  Да Цэнтральнага архіва вяла добрая шаша.  Здалёк яна
была падобна на раку, што цякла між чырвоных пясчаных барханаў.
     Электрамабіль мог  развіваць  фантастычную  хуткасць,  але  Балачан  не
спяшаўся. Ён уключыў аўтаматычнае кіраванне, а сам, не адрываючыся, глядзеў,
як  насоўваецца на  яго  з  блізкага  краявіду змрочная ад  фіялетавага неба
бясконцая пустыня.  Аднастайнасць пейзажу не расчаравала яго.  Ён бачыў шмат
тэлеперадач пра Марс і быў гатовы да любога відовішча. Аднак ці можа нежывое
адлюстраванне параўнацца з самой прыродай!  Нават праз сферычнае шкло кабіны
пустыня была непадобная на  сваю кінакопію.  Яна  жыла,  яна была побач,  яе
можна было пакратаць, на ёй можна было пакінуць свае сляды.
     Балачан спыніў электрамабіль, выйшаў на шашу.
     Сонца  стаяла ў  зеніце.  Непрывычна маленькае,  ярка-залатое,  яно  не
пякло,  як на Зямлі ў  пустынях,  а неяк сумна і пяшчотна грэла твар,  ледзь
прабіваючыся праз  шкло  гермашлема.  І  святла давала мала.  Нават  у  ясны
марсіянскі поўдзень на небе былі відаць зоркі і сузор'і.
     Балачан пераступіў белы  ахоўны  бардзюр і  пакрочыў у  глыб  барханаў.
Спыніўся толькі тады,  калі зніклі і шаша, і электрамабіль, а пустыня ляжала
перад ім такой, якой яна была: іншапланетнай, чужой.
     Ён  не быў дасведчаны ў  арэалогіі*,  ніколі не ўнікаў у  яе дэталі.  У
гісторыі заваявання космасу яго  цікавіў філасофскі,  маральны бок.  Балачан
разглядаў гэту  з'яву як  чарговы этап у  эвалюцыі чалавецтва.  У  гэтым яго
поглядзе не было месца ўмовам існавання на іншых планетах. Бо, урэшце, яны -
у адным выпадку лепшыя, у другім горшыя - не мелі істотнага значэння. Важным
быў сам факт выхаду чалавека за межы Зямлі і тыя вынікі,  якія гэта дало для
развіцця навукі, эканомікі, усёй цывілізацыі.
     ______________
     * Арэалогія - навука аб Марсе.

     Цяпер  жа  ўсведамленне таго,  што  ён  знаходзіцца сам-насам  з  чужой
прыродай,  адрэзаны ад  усяго,  што  было  на  Зямлі,  падарвала раптам  яго
ўпэўненасць.   Запозненае  пачуццё  рамантыкі,   якой   веяла  ад   расказаў
касманаўтаў пра свае прыгоды,  кранула сэрца.  Балачан падумаў, што ўсё-такі
гэта добра -  ступіць нагой на пясок іншай планеты, пастаяць пад промнямі яе
сонца.
     - Балачан, дзе ты? Чаму спыніўся?
     Ён уздрыгнуў,  пачуўшы гэты голас,  і тут жа засмяяўся. Яму стала крыху
сумна: Марс, аказваецца, стаў ужо дастаткова цывілізаваны. Балачан уздыхнуў,
шкадуючы, што рамантыка так хутка скончылася, і пайшоў да дарогі.
     Будынак архіва знаходзіўся на беразе вялікага кратэра. Перш чым увайсці
ў  сярэдзіну,  Балачан доўга стаяў над адхонам.  Відовішча было ні з  чым не
параўнанае.  Выбух  буйнога метэарыта,  утварыўшы кратэр,  агаліў  глыбінныя
пароды.   Нават  удалечыні  яны  не   хаваліся  за  смугой,   за  паўценямі.
Рознакаляровыя,  яны  зіхацелі пад сонечнымі праменнямі,  як  далёкія зоркі.
Ясная,  да  болю ў  вачах кантрасная карціна.  Балачану падумалася,  што  ён
пачынае  разумець тых,  хто,  пабываўшы ў  прасторы,  імкнецца вярнуцца туды
зноў. Таілася ў чужых планетах магутная прываблівая сіла.
     Шчыра кажучы, Балачан не чакаў вельмі многага ад сваёй работы ў архіве.
І  на  Зямлі,  і  тут апрацоўкай паведамленняў зоркавых экспедыцый займалася
вялікая група вучоных,  спецыялістаў. Час ад часу яны знаходзілі што-небудзь
цікавае,  важнае.  На  такі поспех Балачан не  разлічваў.  У  яго было больш
сціплае заданне, абмежаванае палётам "Чырвонай маланкі".
     Некаторыя матэрыялы аб  гэтай экспедыцыі Балачан вывучаў яшчэ на Зямлі.
Шмат што, асабліва пра яе экіпаж, расказаў Касай. Маршрут зоркалёта ляжаў да
Палукса.  Трыццаць пяць светлавых гадоў туды,  трыццаць пяць назад.  Балачан
ведаў каманду "Чырвонай маланкі" так  добра,  што  іншы раз  яму  здавалася,
быццам ён  асабіста быў  знаёмы з  кожным.  Хударлявы Шарэпа,  які ніколі не
траціць раўнавагі,  -  нездарма яго выбралі капітанам.  Весялун і  жартаўнік
Гай, які яшчэ студэнтам зрабіў значнае адкрыццё ў астраноміі, і, напэўна, за
гэта яму  аддалі пасаду штурмана экспедыцыі.  Лепшы сябар Касая -  Жвінакас,
флегматычны,  маўклівы і найлепшы знаўца карабельных тэхнічных сістэм.  Чара
Чарава -  біёлаг,  урач,  дзяўчына,  у  якую,  як  здагадваўся Балачан,  быў
закаханы яго настаўнік...
     Іх было дваццаць пяць,  адданых космасу, адважных і самаахвярных. Касай
ганарыцца імі.  А Балачан успрымаў іх подзвіг неяк раздвоена.  Ён аддаваў ім
даніну,  як  людзям,  якія,  магчыма,  аддалі  ўсё,  што  мелі,  на  карысць
чалавецтву.  І  ён  часам лавіў сябе на  думцы,  што не  ўпэўнены,  ці  была
патрэбная іх ахвяра чалавецтву.
     Балачан не выпадкова выбраў раннюю касмічную гісторыю.  У той час людзі
ўпершыню здолелі вырвацца з зямнога прыцягнення,  дасягнулі суседніх планет.
Прастору Сонечнай сістэмы, як некалі зямныя акіяны, перасякалі караблі новых
касмічных Калумбаў.  Напэўна,  многія з  сучасных ведаў чалавека аб прыродзе
былі  здабыты  менавіта тады.  Але  ўжо  ў  той  час  чалавека павінна  была
насцеражыць адна  акалічнасць.  Людзі дабраліся нават да  Плутона.  І  ўсюды
бачылі адно і тое ж:  мёртвую пустыню.  Планеты розніліся толькі ў будове ці
знешнім выглядзе. Распалены пясок, халодны газ або чорныя непрыветныя скалы.
Варыянтаў шмат - сутнасць адна.
     Энтузіязм дваццаць першага стагоддзя,  калі  тэхніка дазволіла чалавеку
трывала асталявацца ў космасе, Балачан тлумачыў спрадвечнай марай людзей пра
сустрэчу з  сабе  падобнымі.  Адсутнасць жыцця на  планетах сваёй сістэмы не
паменшыла гэтага ўздыму -  наперадзе былі  палёты да  іншых  сонцаў і  іншых
планет.  Тады верылі, што там будзе інакш. Але міналі дзесяцігоддзі, а Зямля
заставалася адзіным светлым кутком сярод чорнай маўклівай прасторы,  якая  з
кожнай новай экспедыцыяй адсоўвала свае межы ўсё далей і  далей.  Дык ці  не
варта спыніць гэтыя пошукі!  Яны надта дорага каштуюць чалавецтву, адбіраючы
і выдатных вучоных,  і вялікія матэрыяльныя сродкі. Балачан недзе чытаў, што
ператварэнне Марса ў прыгодную для жыцця планету накшталт Зямлі эквівалентна
па  затратах  пабудове і  экіпіроўцы дваццаці зоркалётаў.  Мажліва,  гэта  і
перабольшанне,  але доля ісціны ў  ім ёсць.  Балачан ведаў,  што гэту ягоную
думку  не  падзяляе  большасць  зямлян.  Таму  і  працягваюць  адпраўляцца з
месячных  касмадромаў  зоркалёты.  Аднак  быў  упэўнены,  што  некалі  людзі
спахопяцца.  Ён будзе адным з тых, хто ўрэшце дакажа ім неабходнасць гэтага.
І частку такіх доказаў ён сабярэ тут, працуючы над дыпломнай.
     Сховішчы Цэнтральнага архіва ўразілі Балачана агромністым аб'ёмам самай
разнастайнай інфармацыі.  І  ён  не  ўтрымаўся -  перш чым пачаць работу над
сваёй  тэмай,   патраціў  цэлы  дзень  на  прагляд  запісаў,  якія  датычылі
папярэдніх  перад  "Чырвонай  маланкай"  экспедыцый,   Гэта  быў  велічны  і
драматычны гімн чалавеку і яго розуму.  Перад Балачанам на экране праходзілі
сцэны будзённага жыцця на зоркалётах, запісаныя і перасланыя сюды з далёкага
космасу.  Як  на  тое,  яму  трапіліся дзённікі менавіта тых экіпажаў,  якія
перасталі паведамляць пра  сябе.  Тады  яны  жылі і  верылі,  што  вернуцца,
прынясуць на  Зямлю  вялікія тайны  Галактыкі.  Балачан іх  назіраў менавіта
такімі -  спакойнымі,  упэўненымі.  Але ён ужо ведаў, што яны не вернуцца. І
было да болю ў сэрцы тужліва ад лаканічных каментарыяў да здымкаў: "Планета,
падобная на Марс",  "А гэта як наш Сатурн,  толькі без кальца"... Потым былі
іншыя словы:  "Дзім захварэў",  "Баркун загінуў",  "У Рана і Нэі нарадзілася
дачка"...  Жыццё для іх там ішло,  быццам зоркалёт і  не адрываўся ад роднай
планеты.
     Пазней,  калі Балачан заняўся "Чырвонай маланкай", ён не мог забыцца на
прагледжаныя паведамленні.  Яны  нібы  прыгняталі яго,  загадзя афарбоўваючы
новыя матэрыялы ў  змрочны колер.  Тым  болей што  лёс гэтага зоркалёта быў,
відаць, такі ж, як і тых, што ў час не вярнуліся.
     Апошні  рапарт  "Чырвонай маланкі" станцыя дальняй сувязі  прыняла яшчэ
тры гады таму назад. Экспедыцыя наблізілася да Палукса. Балачан вельмі хацеў
зразумець,  чаму гэта перадача была апошняй.  І ён пачаў з яе,  спадзеючыся,
што, мажліва, ужо тады астралётчыкі прадбачылі што-небудзь небяспечнае.
     Ажыў экран,  і  нехта прамовіў:  "Яркае жоўтае свяціла мае  адзінаццаць
планет.  Тры  з  іх  абарочваюцца  амаль  па  кругавой  арбіце.  Пяць  маюць
атмасферу". Балачан механічна адзначыў, што там могуць быць умовы для жыцця,
а сам думаў:  чый гэта голас?  Крыху стомлены,  спакойны,  разважлівы.  Як у
Шарэпы ў  той  дзень,  калі  ён  выступаў перад  зямлянамі на  старце свайго
карабля.   Балачану  ён  запомніўся  стрыманасцю,  якая  так  не  адпавядала
ўрачыстай !  хвалюючай хвіліне.  Быццам не чалавек гаварыў,  а  кібернетычны
робат.  Няўжо  ён  не  змяніўся за  гэты  час?  Няўжо нават блізкая мэта  не
выклікала ў ім эмоцый? Балачан слухаў і дзівіўся, пакуль раптам не зразумеў,
што гэта не Шарэпа,  а Гай. Астраном і штурман. І тады здзівіўся яшчэ болей.
У  голасе Гая зніклі жартаўлівыя ноткі.  Або ён пасталеў і пасур'ёзнеў,  або
яны там развучыліся смяяцца?
     Балачан  перарваў  перадачу  і  паставіў папярэднюю,  якая  прыйшла  за
паўгода да  апошняй,  спрабуючы ў  ёй  знайсці прычыну перамены ў  характары
штурмана.  Аднак  нішто  не  давала  нават  намёку  на  гэта.  Перадача была
звычайная.  У справаздачы аб жыцці і дзейнасці экіпажа не ўпаміналіся ніякія
канфліктныя падзеі.
     Адчуваючы,  як у ім нарастае неспакой -  быццам, разгадаўшы прычыну, ён
мог бы чым-небудзь дапамагчы камандзе "Чырвонай маланкі" -  Балачан вярнуўся
да апошняга паведамлення.
     Зноў  на  экране  заблішчалі планеты-зорачкі,  раскіданыя вакол  свайго
сонца.
     "Мы пачнём з восьмай. Тры апошнія нагадваюць Плутон".
     "Як заўсёды",  - з расчараваннем адзначыў Балачан, бо яшчэ толькі ўчора
чуў гэта з іншых крыніц некалькі разоў.  Ён ведаў, што пасля гэтага абяцання
з  карабля адправяцца ракеты.  Спачатку з  робатамі,  потым,  калі дазволяць
умовы, - з людзьмі. А што яны там убачылі, так і застанецца невядомым.
     Балачан доўга ўглядаўся ў экран, спыніўшы паказ на кадры з дзённіка. На
ім была біяхімічная лабараторыя.  Чара сядзела за сталом. Імгненне назад яна
задумліва,  нібы гаварыла сама з сабой,  расказвала пра новы метад уздзеяння
на  спадчынны механізм клеткі,  які  ёй  удалося  адкрыць.  Балачан  не  мог
выслухаць яе  да канца.  На Зямлі гэта адкрылі раней Чары гадоў на дваццаць.
Мажліва, Чара сама не выключала, што яе навіна ўжо не навіна, таму і не было
ў яе голасе задаволенасці зробленым.
     Уначы Балачан не  мог  заснуць.  Ён  упершыню падумаў,  што гады,  якія
астралётчыкі правялі ў прасторы, асуджаныя па сутнасці на вечную адарванасць
ад Зямлі,  прымусілі іх зразумець праўду.  Іх подзвіг урэшце будзе толькі іх
подзвігам,  а не ўсяго чалавецтва. Бо што б там яны ні ўбачылі і ні знайшлі,
усё роўна вестка аб гэтым прыйдзе на родную планету са спазненнем.
     Напэўна,  ніколі раней Балачан не  працаваў так напружана.  Ён  напісаў
дыпломную.  Але не так, як думаў, складаючы план, як чакаў ад яго настаўнік.
"Чырвонай  маланцы"  быў  прысвечаны толькі  адзін  раздзел.  Астатнія  тры,
насычаныя шматлікімі прыкладамі,  служылі  доказам яго  думкі  пра  марнасць
палётаў да зорак. Балачан ведаў, што расчаруе свайго настаўніка. Больш таго,
падаўшы ў  святле  сваіх  вывадаў апошнюю справаздачу з  "Чырвонай маланкі",
зробіць настаўніку балюча.  І  не  мог паступіцца сваімі пераконаннямі.  Яго
вывады датычылі не толькі іх двух.
     Можна было вяртацца на Зямлю. Але Балачан быў добрасумленным студэнтам,
нават  залішне педантычным.  Там,  дзе  іншыя  абмяжоўваліся рэкамендацыйным
спісам кніг і  дапаможнікаў,  яму абавязкова трэба было ведаць ледзь не ўсё,
што датычыла тэмы.  Гэта часта замінала нармальнай вучобе, бо, збіваючыся на
дробязі,  ён адставаў ад аднакурснікаў.  Аднак пераламіць сябе не мог.  Такі
ўжо быў у яго характар.
     Гэты самы характар прымусіў Балачана затрымацца.  Нехта з супрацоўнікаў
архіва  ў  самы  апошні  момант сказаў яму,  што  ёсць  яшчэ  адзін  сігнал,
нерасшыфраваны,  які, магчыма, належыць "Чырвонай маланцы", бо прыняты на яе
хвалі. А ці мог ён паехаць, не ўпэўнены, што сігнал не мае ніякага дачынення
да яго зоркалёта?  Вядома,  не.  І хоць да адпраўлення рэйсавага планеталёта
Марс-Зямля заставалася нямнога часу, ён пайшоў у сховішча.
     Наўрад ці  можна было  назваць гэта сігналам,  пасланым рукой чалавека.
Каб не хваля,  на яго ніхто не звярнуў бы нават увагі.  На экране мітусіліся
хаатычна раскіданыя рысачкі, у дынаміку чулася патрэскванне, як ад звычайных
выпраменьванняў з космасу.  Аператар спачувальна паглядзеў на Балачана,  але
дапамагчы не мог. З жалем параіў:
     - Ці мала ў прасторы крыніц энергіі? Яшчэ паспееш на планеталёт.
     Гэта была слушная парада. Толькі не для Балачана. Аператар, напэўна, не
чуў  легенды,  якую  вось  ужо  чатыры гады,  як  дасціпны жарт,  перадавалі
старэйшыя пакаленні студэнтаў першакурснікам.  Быццам  бы  Балачан адмовіўся
здаваць залік па механіцы. А на здзіўленае пытанне выкладчыка заўважыў: "Мне
трапіліся рухавікі ўнутранага згарання". Выкладчык не зразумеў. Тады Балачан
растлумачыў:  "У нашым музеі іх няма.  Не магу ж  я  гаварыць пра тое,  чаго
ніколі не  бачыў".  Выкладчык стрымаў усмешку і  спытаў:  "А  як  нам быць?"
Балачан адказаў:  "Дні праз два  я  закончу дзеючую мадэль рухавіка,  тады і
здам залік".  Залік ён сапраўды здаў.  Бліскуча. Але са спазненнем, калі яго
аднакурснікі былі ўжо на экскурсіі ў падводнай Антарктыцы.
     Забраўшы запіс  гэтага  нерасшыфраванага сігналу,  Балачан адправіўся ў
лабараторыю.
     Ён  працаваў  суткі,  другія,  трэція...  Спачатку  супрацоўнікі архіва
спагадліва і  крыху  іранічна пасміхаліся,  потым здзіўлена ківалі галовамі,
маўляў,  упартасць не  да  месца.  А  на чацвёрты дзень у  Балачана з'явіўся
памочнік -  той  самы  аператар,  які  раіў  яму  паспяшацца з  ад'ездам.  А
неўзабаве разам  з  Балачанам працавалі ўсе,  хто  быў  вольны  ад  вахты  і
асноўнай работы. Яны паверылі яму.
     Аднак міналі дні,  а  вынікаў не  было.  На экранах штораз узнікалі ўжо
добра  абрыдлыя  ўсім  хаатычна раскіданыя рысачкі.  Двойчы  прасіў  Балачан
дазволу ў  Касая  затрымацца.  Настаўнік ведаў  свайго вучня і,  не  задаючы
пытанняў, дазваляў.
     І  раптам рысачкі загаварылі.  Здарылася гэта,  калі Балачан неяк уначы
рашыў разбіць сігнал на  долі,  чаргуючы колькасць рысачак па групах ад нуля
да дзевяці.
     Гэта быў выпадак.  Але, кажуць, выпадак любіць настойлівых. Балачан быў
настойлівы.  І  на  экране ён убачыў тую ж  самую планетную сістэму Палукса.
Толькі побач з пятай планетай свяцілася яшчэ адна кропачка,  як спадарожнік.
Балачан паспрабаваў павялічыць адлюстраванне. Кропка заблішчала ярчэй, стала
святлейшай за планету і  ледзь прыкметна кранулася з месца.  Дуга,  якую яна
апісала,  была часткай правільнага круга...  А потым экран патух. Сігнал быў
прыняты не цалкам. Відаць, не зразумеўшы, аператар не запісаў яго да канца.
     Балачан  пабудзіў  сваіх  добраахвотных памочнікаў і  яшчэ  раз  з  імі
прагледзеў кавалак гэтай перадачы,  якая прыбыла з чужога свету.  У гэтым ён
не сумняваўся.  Шарэпу ці Гаю не было патрэбы задаваць суайчыннікам загадкі.
Але  што  азначала гэта перадача?  Здагадкі змянялі адна адну.  Найбольш яму
спадабаўся вывад,  што гэта гуманоіды з сістэмы Палукса,  выкарыстаўшы хвалю
"Чырвонай маланкі",  перадалі на  Зямлю  вестку аб  сабе  і  зоркалёце,  які
дабраўся да  іх  і  стаў  спадарожнікам пятай  планеты,  населенай разумнымі
істотамі...
     Аднак Балачан не быў бы самім сабой,  каб прыняў гэту прыгожую думку за
аксіёму.  Ён  не  мог сабе адказаць на  шмат пытанняў,  і  сярод іх на самае
галоўнае:  "Чаму маўчаў Шарэпа?"  А  без  гэтага не  адчуваў за  сабой права
рабіць хоць прыблізны вывад.
     Не  адказваючы на  віншаванні таварышаў,  ён  прайшоў на вузел сувязі і
выклікаў Зямлю. Касай слухаў яго.
     - Настаўнік,  - сказаў Балачан, - я не напісаў дыпломную. - Ён пачакаў,
ці не скажа што Касай, і тады дадаў: - Я не буду гісторыкам. - Касай маўчаў,
і  Балачан  дазволіў  сабе  яшчэ  адну  фразу:  -  Калісьці чалавек  павінен
перахварэць космасам.
     З  вузла  сувязі  Балачан пайшоў  у  свой  пакой,  выцягнуў з  партфеля
крышталікі з  запісам дыпломнай работы і кінуў іх у трубапровад,  які вёў да
анігілятара.

Last-modified: Sun, 26 Oct 2003 09:53:16 GMT
Оцените этот текст: