Оцените этот текст:




     ---------------------------------------------------------------------
     У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975
     OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года
     ---------------------------------------------------------------------

     Пройдзе час,  з  зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і
накіруюцца да далёкіх галактык.
     Магчыма,  гэта адбудзецца ўжо ў  наступным стагоддзі,  магчыма,  значна
пазней.  Але  наша  мара не  хоча чакаць,  мы  ўжо  цяпер хочам ведаць,  што
напаткае бясстрашных астралётчыкаў у  бясконцай прасторы.  Аб  іх  прыгодах,
лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.


     Школа стаяла на высокім пясчаным беразе вялікага возера.  А вакол шумеў
прыгожы парк.  Ліпы, клёны, ясені былі акуратна падстрыжаны. Садоўнік казаў,
што менавіта ў гэтым і ёсць прыгажосць.
     А я,  калі глядзеў на пасыпаныя жоўтым пяском сцежкі і яркія, як агонь,
клумбы,  успамінаў карціну,  што вісела ў школьным вестыбюлі.  Прыгожая, яна
ўсё ж  ніколі ні  ў  кога не выклікала жадання пабываць на той палянцы,  што
раптам адкрылася сярод лесу, ці акунуць руку ў серабрысты крынічны ручаёк.
     Карціна ёсць карціна, у ёй не хапае жыцця, а можа, проста руху. Так і з
паркам.  У  сваёй падстрыжанай прыгажосці ён страціў галоўнае.  Нам чамусьці
больш падабаўся востраў на  возеры.  Лес  там захаваўся ў  сваім першабытным
выглядзе.  Кусты былі густыя, як зараснікі ў джунглях. Непрыбраныя вываратні
нагадвалі ў паўзмроку сілуэты нейкіх дагістарычных жывёлін.
     Кожны клас меў на востраве свой улюбёны куток.  Там збіраліся,  гулялі,
марылі,  спрачаліся.  Нашым месцам была абкружаная густым арэшнікам палянка,
пасярэдзіне якой расла серабрыстая таполя. Яна была вельмі старая, бо, нават
пабраўшыся за рукі ўпяцёх, мы ледзь маглі абхапіць яе ствол. Метры за два ад
зямлі  ва  ўсе  бакі  адыходзілі  тоўстыя  галіны.  Мы  любілі  сядзець  тут
надвячоркам, схаваныя змрокам і гушчаром ад усяго свету.
     Хлопцы з іншых класаў прыходзілі на востраў са сваімі настаўнікамі.  Мы
ж  амаль заўсёды адны.  Не  таму,  што не  любілі свайго настаўніка.  Ён быў
добры,  ласкавы. Але часам ён не разумеў або не хацеў разумець нас. Мы, як і
ўсе ў нашай школе,  трызнілі аб космасе. Выхавацелі астатніх груп расказвалі
дзецям  пра  падарожжы да  планет  і  зорак,  вазілі  іх  на  касмадромы,  а
адпраўляючыся на  экскурсіі ў  Аўстралію ці  на Вогненную Зямлю,  абавязкова
заказвалі месцы на ракетаплане. Ад нашага ж настаўніка мы чамусьці ніколі не
чулі  ні  слова пра  самыя цікавыя палёты.  Нават калі  ў  час  аднаго ўрока
прыйшло паведамленне,  што вяртаецца экспедыцыя з Тау Кіта, ён, як звычайна,
не пракаменціраваў навіну.
     Уся  Зямля  радавалася,   і  толькі  ён  адзін,  здавалася,  заставаўся
абыякавым.  Гэта нас здзіўляла і,  што казаць,  крыўдзіла.  Бо мы паважалі і
любілі свайго настаўніка.  Ён быў уважлівы да кожнага з нас, расказваў многа
цікавага.  А ведаў ён столькі, колькі, як нам часам думалася, на Зямлі больш
не  можа  ведаць ніхто.  Але  абыякавасць да  космасу мы  не  маглі дараваць
нікому. І ў нас з'явілася ад настаўніка таямніца...
     Ці ведаў настаўнік пра яе?  Напэўна.  Ён разумеў нас лепш за нас саміх.
Мы часам забывалі,  што яму ўжо недзе пад дзевяноста - такі ён быў выдумшчык
і  завадатар.  Толькі быццам знарок не хацеў заўважаць нашы касмічныя мары і
планы.  Калі нават на ўроках здаралася праходзіць тэмы, звязаныя з гісторыяй
асваення космасу, ён абавязкова кідаў фразу:
     - Штурм космасу - не рамантыка, сябры. Гэта цяжка нават дарослым.
     - Навошта настаўнік нас палохае? - больш за ўсіх абураўся Сашка Шарай.
     Разважлівы Мішка Патупчык супакойваў яго:
     - Каб зразумець космас, трэба пабываць у прасторы.
     Мы згаджаліся з Мішкам. Адкуль было нашаму настаўніку ведаць, што такое
палёт да зорак,  калі ён зусім зямны чалавек.  Ну хто яшчэ ў наш час, акрамя
нашага настаўніка, мог узяць кіёк і пайсці на цэлы дзень у стэп? Ён клікаў і
нас  з  сабой.  Аднаго  разу  мы  было  пайшлі.  І  што  ўбачылі?  Бясконцае
аднастайнае поле,  на  якім  каласілася аксамітная пшаніца,  і  жаваранкаў у
небе.  Што тут незвычайнага?  Толькі наш настаўнік захапляўся ўсім гэтым. Ён
спыняўся на  якім-небудзь пагорку,  падставіўшы твар  сонцу,  і  слухаў,  як
шапацела збажына,  як аднекуль з  сіняй бездані неба лілася жаўруковая песня
вясны  і  цяпла.  Твар  настаўніка нібы  памаладзеў,  і  на  вуснах  блукала
трапяткая даверлівая ўсмешка.  А мы сумавалі.  І дадому вярнуліся стомленыя,
маўклівыя.  Настаўнік паглядзеў на  нас  з  нейкім жалем  і,  развітваючыся,
уздыхнуў.
     Неўзабаве надышлі экзамены.  Мова і фізіка,  літаратура і матэматыка...
Настаўнік быў увесь час з намі,  дапамагаў нам, і мы зноў здзіўляліся, як ён
многа ведае.
     А  потым быў экзамен па  гісторыі.  Каб зрабіць настаўніку прыемнае,  я
вырашыў напісаць пра  старажытную Русь,  пра  гарачыя бойкі нашых продкаў са
стэпавымі качэўнікамі.  Мне хацелася, каб настаўнік убачыў любы свайму сэрцу
шырокі стэп, поўны сонца і прасторы.
     Сачыненне, відаць, спадабалася настаўніку. Ён слухаў, заплюшчыўшы вочы,
ківаў часам,  нібы ў  знак згоды,  галавой,  а калі я скончыў чытаць,  ён не
стаў, як рабіў гэта часта, дапаўняць. Ён не пахваліў мяне, не ў яго правілах
было   хваліць  чалавека,   які   выканаў  свой   абавязак.   Ступень  сваёй
задаволенасці ён  выказваў толькі адзнакамі.  Мне  вышэйшы бал не  паставіў.
Чаму?  Нешта, відаць, было не так. Але трэба прадумаць гэта спачатку самому,
што было "не так".
     Крыху расчараваны ацэнкай, я не адразу пачуў, аб чым расказвае Сашка. А
прыслухаўшыся,  абурыўся.  Яшчэ загадзя мы  дамовіліся не закранаць у  сваіх
работах таго, што мае дачыненне да касмічных палётаў. І раптам Сашка парушыў
дагавор.  Навошта  гэты  выклік  настаўніку?  Відаць,  пра  гэта  падумалі і
астатнія хлопцы.  Бо ў  класе ўсталявалася незвычайная цішыня.  Я не адрываў
позірку ад  настаўніка,  шукаў на яго твары крыўду,  абурэнне ці што-небудзь
такое яшчэ.  І не знаходзіў. Ён і Сашку слухаў, як нядаўна мяне, - уважліва,
засяроджана.
     Сашка быў разумны хлопец.  Я  слухаў і  думаў,  дзе ён назбіраў столькі
звестак?  Але самае галоўнае нас чакала, аказваецца, наперадзе. Сашкаў голас
раптам зазвінеў, як струна, якая вось-вось парвецца:
     - У жыцці было нямала выпадкаў, калі космас пакараўся юным!
     Гэта было прыгожа сказана. Але ў мяне асабіста не было ўпэўненасці, што
так здаралася на самай справе.  Як ні кажыце,  а ў космас адпраўляюць толькі
дарослых.  Бо  трэба  спачатку школу  скончыць,  і  спецыяльнасць набыць,  і
падрыхтоўку прайсці.  Ці ж мала гадоў на гэта пойдзе? Канечне, і мне і Сашку
не хочацца чакаць,  пакуль мы вырасцем. Гэта ж калі яшчэ будзе!.. Аднак ёсць
на свеце рэчы,  якія,  на жаль,  ад нас не залежаць.  І я падумаў, што Сашка
дарэмна зрабіў гэты свой выпад.
     А  Сашка падышоў да  настаўнікавага стала і  націснуў кнопку.  На вокны
апусціліся чорныя шторы. У класе на секунду стала цёмна. Мы не паспелі нават
крыкнуць Сашку,  каб ён не дурэў, як засвяціўся экран. На гэтым экране кожны
вучань можа пісаць, чарціць схемы, застаючыся за сваёй партай.
     Я  падумаў,  што Сашка вернецца зараз да  сваёй парты і  намалюе нейкую
ілюстрацыю да даклада.  Але я памыліўся. Сашка мінуў сваю парту і падышоў да
праекцыйнага апарата, нешта ўставіў туды, пакруціў, і экран ажыў. Мы ўбачылі
рубку касмічнага карабля,  цэнтральны пульт,  над  якім схіліўся пажылы сівы
чалавек, а побач з ім стаяў... хлопчык. Яму было крыху меней, чым нам, гадоў
дзесяць або адзінаццаць.
     З   нашых   грудзей  вырваўся  дружны  ўздых  захаплення  і,   напэўна,
зайздрасці.  Бо аб тым, што выпала гэтаму хлопчыку, мы не асмельваліся нават
марыць уголас, калі збіраліся каля сваёй таполі.
     - Цішэй вы!  -  крыкнуў Сашка. Ён назваў экспедыцыю, зорку, ля якой яна
пабывала,  год, калі вярнулася на Зямлю. Напэўна, гэта былі цікавыя звесткі.
Але для мяне іх  у  той час быццам не існавала.  Я  не мог адарваць вачэй ад
маленькага касманаўта.  Я  ўявіў сябе на яго месцы,  і  ў  грудзях зрабілася
горача.
     Праз імгненне я адчуў, што нечага не разумею. У рубцы шмат прыбораў, на
экранах свецяцца чужыя зоркі,  у тэлескоп,  напэўна, можна ўбачыць і планеты
гэтых зорак.  А  хлопчык нібы нічога гэтага не  заўважае.  Ён пазірае некуды
ўбок, і ўся яго фігура выказвае пакорлівую цярплівасць. Можа, ён хворы?
     Тым  часам Сашка скончыў сваё  выступленне.  Ён  зноў падышоў да  стала
настаўніка,  націснуў кнопку.  Шторы папаўзлі ўверх.  У клас хлынула вясёлае
сонечнае святло.
     - Ты больш нічога не дабавіш, Саша? - спакойна, як заўсёды, калі мы, на
яго думку, сказалі не ўсё, што павінны былі сказаць, спытаў настаўнік.
     - Было  мала  часу,  каб  дакапацца ў  архіве да  далейшых падзей.  Але
ўпэўнены,  што  хлопчык,  калі вырас,  стаў славутым касманаўтам,  лепшым за
іншых. У яго ж такая практыка!
     Мы чакалі,  што настаўнік зараз паставіць адзнаку і выкліча наступнага.
Мы памыліліся.
     Настаўнік нечакана папрасіў:
     - Уключы, Саша, праектар, - а сам зацямніў клас.
     На экране зноў з'явілася рубка зоркалёта, штурман і хлопчык.
     Нейкі час  настаўнік маўчаў.  А  калі загаварыў,  у  класе адразу стала
ціха, аж да звону ў вушах.
     - У той час,  калі хлопчык пачаў помніць сябе,  -  гаварыў настаўнік, -
"Алтай" вяртаўся ў  Сонечную сістэму.  Да  дому заставалася шэсць незалежных
гадоў.  Для вас гэтыя словы "незалежныя гады" - нібы музыка. Яны ж ужываюцца
толькі  ў  прасторы,  дзе  вакол  гараць незнаёмыя зоркі,  існуюць невядомыя
планеты,  дзе можна чакаць сустрэчы з чужымі цывілізацыямі. Усё гэта існуе і
для  касманаўтаў.  Але  для  іх  акрамя гэтага яшчэ ёсць і  час.  Той  самы,
незалежны,  у  адной назве якога крыецца ўсё.  Яго нельга ні  паскорыць,  ні
замарудзіць. Ён такі, які ёсць.
     Гэта  ведалі дарослыя.  А  хлопчыку тады было яшчэ ўсё  роўна.  Яму  на
караблі было цікава ўсё:  і як самі па сабе адчыняюцца дзверы,  варта толькі
падысці да іх,  і як робат-нянька ходзіць за ім следам, не даючы забрацца па
лесвіцы ў машынную частку,  і многае іншае. Хлопчык нарадзіўся на караблі. У
яго было шмат цацак:  яму іх рабілі і дарослыя, і робат. Цацкі былі працягам
карабельнага жыцця.  Гэта былі маленькія ракеты,  усюдыходы, робаты і многае
іншае,  што,  толькі  большага памеру,  знаходзілася ў  карыстанні дарослых.
Хлопчык не здзіўляўся.  Ён лічыў,  што так і павінна быць. Дарослыя большыя,
таму ў іх і цацкі большыя. Ён толькі часам пытаўся, чаму дарослых на караблі
многа, а ён заўсёды адзін.
     Нарэшце (а  здарылася гэта  пасля  доўгай дыскусіі дарослых,  пра  гэта
хлопчык даведаўся значна пазней) яму паказалі фільмы аб Зямлі.
     У першы раз родная планета не ўразіла яго. Ён глядзеў спакойна, а пасля
спытаў:  "Зямля - гэта як дэндрарый?" На зоркалёце быў такі куток, дзе раслі
сапраўдныя  дрэвы.   Яму  нічога  не  тлумачылі,  толькі  фільмаў  больш  не
паказвалі.
     А яму чамусьці вельмі захацелася паглядзець хоць яшчэ адзін такі фільм.
І аднойчы,  падгаварыўшы робата,  хлопчык пайшоў у бібліятэку. Робату гэтага
не забаранілі, не ўвялі ў праграму, і ён хутка знайшоў нейкі фільм, зняты на
Зямлі.
     Хлопчык  зноў  убачыў  тое,  што  ён  лічыў  вялікім  дэндрарыем.  "Для
дарослых",  -  падумаў ён, уражаны памерамі. І тут жа схамянуўся: сярод дрэў
ішоў такі ж хлопчык,  як ён, а мо і яшчэ меншы. Гэта было незвычайна, дзіўна
і  чамусьці выклікала незразумелае жаданне некуды пабегчы.  Хлопчык застаўся
на месцы,  ён ведаў,  што адсюль можна пабегчы толькі ў дэндрарый.  А гэтага
яму не хацелася зараз. Ён упершыню падумаў, што дэндрарый - тая ж цацка, але
для дарослых.
     Пакуль  ён  так  разважаў,  дзяцей на  экране пабольшала.  Яны  бегалі,
скакалі, лавілі адно аднаго. І смяяліся - гучна, весела, як ніхто не смяяўся
на зоркалёце.  Хлопчык перастаў глядзець на экран і сказаў робату:  "Хачу да
дзяцей". На караблі больш дзяцей не было, і робат павёў хлопчыка да бацькі.
     Бацька ўважліва выслухаў яго блытаны расказ пра фільм, потым паклаў яму
на галаву вялікую і  цёплую руку і неяк цераз сілу сказаў:  "Засталося шэсць
незалежных гадоў. Тады..." Ён не растлумачыў, што будзе тады.
     І  хлопчык спытаў:  "А калі будзе гэта тады?" Бацька моўчкі павёў яго ў
каюту,  паваражыў над электроннай машынай,  і  з  яе выпаўзла белая стужка з
мноствам чорненькіх рысачак.  Бацька пакорпаўся ў  сваіх  кішэнях,  потым  у
шуфлядцы і  нарэшце знайшоў маленькую палачку.  Гэтай палачкай ён  зрабіў на
стужцы з першай рысачкі крыжык і аддаў яе сыну.  "Кожны дзень,  -  пачаў быў
ён,  але ўспомніўшы,  што хлопчык не ўяўляе сабе дзень,  паправіўся: - Кожны
раз,  як  прагучыць вялікая сірэна,  будзеш  ставіць тут  адзін  крыжык.  Як
паставіш усе,  тады мы прыляцім на Зямлю,  і ты пойдзеш да дзяцей".  Ён яшчэ
раз пагладзіў сына па галаве і выйшаў.
     А хлопчык пачаў разглядаць стужку.  Ён хутка наставіў бы на ёй крыжыкаў
і  пабег бы на Зямлю ў  вялікі дэндрарый.  Але бацька загадаў чакаць сігналу
сірэны.  Хлопчык ведаў,  што  старэйшых трэба  слухацца.  Ён  толькі аднойчы
паставіў лішні крыжык. Усе астатнія разы рабіў, як казаў бацька, хаця ўрэшце
яму ўжо надакучыла чакаць.
     Рысачак заставалася так многа,  што ён не мог іх нават пералічыць і  не
верыў,  што іх калісьці не стане. Рысачкі сніліся яму, калі ён клаўся спаць.
І,  устаўшы,  клікаў робата і адпраўляўся ў бібліятэку. Цяпер там быў толькі
адзін фільм, той самы, што ён глядзеў некалі самавольна. Але іншага хлопчыку
і  не  трэба  было.  Ён  мог  і  гэты  глядзець многа раз  запар,  кожны раз
знаходзячы нешта новае, жаданае і цікавае...
     Настаўнік змоўк.  У  блакітным паўзмроку мы  бачылі толькі яго постаць,
высокую, шыракаплечую, і гордую галаву з пасівелымі валасамі.
     Маўчалі і мы, захопленыя расказам, здзіўленыя тым, што, аказваецца, наш
настаўнік ведае і гэтую не любімую ім тэму. Нарэшце Мішка парушыў цішыню:
     - Ён потым сустрэўся з дзецьмі?
     Настаўнік павярнуўся да экрана,  і  мы ўбачылі,  як ён паківаў галавой.
Потым пачулі:
     - Зоркалёт вярнуўся пазней.  Была  аварыя.  А  хлопчык...  Ён  тады ўжо
вырас.
     Нам стала шкада хлопчыка, які ні разу не пагуляў са сваімі равеснікамі.
Адзін Сашка сказаў:
     - Ну і што? Затое яму лягчэй было вярнуцца ў космас.
     - Ён застаўся на Зямлі,  -  адказаў настаўнік.  І мне здалося,  што яго
голас задрыжаў. Але мне гэта, напэўна, толькі здалося. Праз момант настаўнік
дадаў: - Бо што можа быць лепшае за нашу цудоўную, цудоўную Зямлю!
     - А той хлопчык, - вырвалася ў мяне, - дзе ён зараз?
     Фіранкі папаўзлі ўверх.  Зноў стала светла.  Настаўнік стаяў за сталом,
пазіраючы вышэй нашых галоў. І мне здалося... Мне здалося, што наш настаўнік
вельмі падобны на таго штурмана, бацьку хлопчыка... і на самога хлопчыка...

Last-modified: Sun, 26 Oct 2003 09:53:16 GMT
Оцените этот текст: