Уладзімір Мікалаевіч Шыцік. Гермес падказвае кірунак
---------------------------------------------------------------------
У.Шыцік. "У час не вярнуліся", "Мастацкая літаратура", Мінск, 1975
OCR & SpellCheck: Zmiy (zmiy@inbox.ru), 20 ліпеня 2003 года
---------------------------------------------------------------------
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялізныя зоркалёты і
накіруюцца да далёкіх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзі, магчыма, значна
пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што
напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб іх прыгодах,
лёсе і знаходках расказваецца ў гэтым зборніку фантастычных апавяданняў.
Два дні хадзіў Сашка Шарай насуплены, пахмуры, з намі амаль не
размаўляў. І Мішка Патупчык, і я разумелі ўсё і стараліся таксама залішне не
чапляцца да сябра. Напэўна, на яго месцы мы былі б не лепшыя: металічная
пласцінка, падобная на лісцік серабрыстай таполі, так і не ажыла, і нават
тая перадача, што ўяўлялася нам ледзь не весткай з глыбінь Сусвету,
здавалася зараз міражом. Каб я сам на свае вочы не бачыў на экране таго
дзіўнага чалавека сярод падводнага дворыка, нізавошта не паверыў бы, што
гэта праўда. А ўсё Сашка. Собіла яму сапсаваць усю справу. Што за чалавек?
Ніякай вытрымкі!
Занятыя гэтымі клопатамі, мы неяк забыліся, што набліжаецца канец
навучальнага года. Па ўсіх асноўных прадметах - матэматыцы, фізіцы, мове,
гісторыі - залікі ўжо здалі раней, яшчэ напрадвесні. Але заставаўся экзамен
на вольную тэму, вельмі сур'ёзны, як і мае быць у сёмым класе. Тэму мы не
ведалі, яе павінен быў даць настаўнік. А ён нам не патураў да гэтага часу, і
па ўсяму было відаць - не збіраўся рабіць скідак і надалей. З таго часу,
калі ён, выслухаўшы наш расказ пра неверагодныя сігналы з космасу, загадкава
ўсміхнуўся, мы яго чамусьці не сустракалі: няйначай распрацоўваў на нашы
галовы нейкую складаную экзаменацыйную тэму.
Сашка, як звычайна, не здолеў доўга насіць крыўду ў сябе, прыйшоў і
сказаў:
- Патрэбен другі лісцік.
Я ледзь не раззлаваўся. Які разумнік! Трэба было аж два дні пазбягаць
нас, каб гэта прыдумаць.
- Давай заўтра сходзім, - працягваў Сашка, - пакуль настаўніка няма. Я
цікавіўся, ён кудысьці паехаў.
- Куды гэта мы павінны з табой ісці? - я не мог схаваць іроніі.
- На возера, - як быццам я ўжо згадзіўся, спакойна растлумачыў Сашка. -
Магу адзін пайсці, не бойся. Але разам абавязкова нешта знойдзем.
Я ведаў, што ён не баязлівец. Я ніколі не забуду, як ён аднойчы залез у
вальер да тыгра і ані кропелькі не спалохаўся. А тут дык і зусім няма чаго
баяцца. Аднак мне не падабалася Сашкава манера рашаць усё за іншых.
- Накідалі там, - агрызнуўся я, - бяры вялікую торбу.
Хлопец, нібы не зразумеў, зірнуў з дакорам.
- Порхаўка ты, Віцька, тое і бярэш, што само ў рукі лезе.
Гэта было несправядліва. Бо калі казаць па-шчырасці, дык менавіта Сашку
ніколі не хапала цярпення. Як вось з маім лісцікам, і я крыкнуў:
- Сам ты верхагляд!
Мы паспелі ўжо сказаць адзін аднаму некалькі прыемных слоў, як раптам
адчыніліся дзверы. У калідоры стаяў настаўнік, з-пад яго рукі выглядаў Мішка
Патупчык, а ззаду віднелася яшчэ нечая фігура.
Мы з Сашкам пераглянуліся, і тут я пазнаў трэцяга. Гэта быў робат
Гермес. Той самы, якога мы бачылі на экране праектара, калі настаўнік
расказваў пра сваё адзінае касмічнае вандраванне. Я міжволі параўнаў іх -
настаўніка і Гермеса. Як ні дзіўна, пастарэлі абодва - чалавек і машына.
Чалавек болей, хаця ў той час, калі яны былі знятыя на плёнку, чалавек быў
маленькім хлопчыкам.
- Сядайце, - сказаў настаўнік, - ёсць важная размова.
Мы селі. А Гермес толькі прыхінуўся да вушака, зусім як чалавек,
касманаўт у скафандры. Нават галава, круглая, з палоскамі на пластыку - для
вачэй, вушэй і рота - нагадвала гермашлем.
- Пра лісцік нічога не даведаліся? - спытаў настаўнік.
- Дык Сашка... - пачаў быў Мішка.
- Не будзем шукаць вінаватых, - спыніў яго настаўнік, - зоймемся
экзаменам.
- У-ра-а! - падхапіўся Сашка.
Усё-такі ён вельмі нявытрыманы чалавек. Думаю, у касманаўты яго не
возьмуць, там нервовых не любяць.
Настаўнік пачакаў, пакуль Шарай супакоіцца, зірнуў на мяне і сказаў:
- Тэма экзамену, Віця, звязана з тваёй знаходкай на дне возера.
Я таксама зараз мог закрычаць "ура", я меў на гэта большыя падставы,
чым Сашка. Але я прамаўчаў. Астралётчык павінен быць стрыманым у сваіх
пачуццях, а я спадзяваўся, што, нягледзячы ні на што, буду ім. Я толькі
зірнуў на настаўніка.
- Заданне, - растлумачыў ён, - раскрыць таямніцу лісціка. Уводная
наступная: "Вы на невядомай планеце. Планета - гэта возера. Лісцік - сляды,
магчыма, разумнай цывілізацыі. Задача - пацвердзіць гэта ці абвергнуць".
Тэрмін - тры дні. У дапамогу вам прыдадзены кібернетычны робат Гермес.
Узрадаваныя, мы нават не здзівіліся, чаму наш настаўнік нарэшце парушыў
сваё правіла не гаварыць пра космас. Нам падумалася, што ён паверыў у сігнал
з галактыкі, які трапіў на Зямлю праз мой лісцік серабрыстай таполі.
Калі, даўшы заданне, настаўнік пайшоў, мы яшчэ крыху паспрачаліся.
Мішка хацеў адправіцца на возера няйначай як на сваім хісткім плыце. Маўляў,
павінен быць элемент небяспекі. Я, і тут мяне нечакана падтрымаў Сашка,
лічыў, што справу трэба ставіць на больш салідную аснову. Мы - касманаўты і
таму павінны быць тэхнічна ўзброенымі, як сапраўдныя пакарыцелі прасторы.
Трэба ўзяць кацер з каютай і радыёстанцыяй. Магчыма, Мішка не здаўся б так
хутка. Але зараз нас было чацвёра. Гермес, напэўна, перабраўшы не адзін
дзесятак варыянтаў, схіліўся на наш бок. А Гермесу, які памагаў касманаўтам
у сапраўдным палёце, Мішка пярэчыць не адважыўся.
Следапытам быў я. На тым месцы, дзе я ў мінулы раз уваходзіў у ваду,
спыніў хлопцаў і загадаў усім падрыхтаваць аквалангі. Сашка зарагатаў.
- І Гермесу?! - аж давіўся ён, так яму стала смешна.
Толькі я быў адкрыў рот, каб высмеяць яго самога, як падаў голас робат:
- Мой корпус герметычны.
Сашка перастаў смяяцца. А я падумаў, што так яму і трэба. Малайчына
Гермес. Гэта ж кожны пачатковец ведае, што касмічны робат не баіцца ніякага
шкоднага асяроддзя.
Без прыгод наша невялікая экспедыцыя дабралася да таго падводнага
паселішча, якое я знайшоў у мінулы раз. Доўга блукалі паміж разбураных
дворыкаў, заходзілі ў руіны, дзе некалі было людское жытло. Я ўяўляў сабе
гэтыя дамы - невялічкія, на тры ці два пакойчыкі, і чамусьці зайздросціў іх
колішнім жыхарам. Было ў гэтай старадаўнасці нешта хвалюючае, таямнічае.
Я не здзівіўся, калі Сашка нібы здагадаўся пра мае думкі і сказаў:
"Антычная эпоха". Толькі зазначыў, што мы раптам пачалі думаць аднолькава.
У нас былі прыборы для размовы ў вадзе, і мы пачалі абмяркоўваць
здагадкі.
- Цяпер я разумею, - гарачыўся Сашка, - чаму ніхто не чуў пра чужынцаў,
якія прыляталі на Зямлю. Гэта было вельмі даўно, да нашай эры, калі людзі не
маглі іх зразумець. Але яны пакінулі пра сябе знак для пазнейшых пакаленняў.
І Віцька знайшоў гэты знак.
Супраць гэтага мне пярэчыць не хацелася, ды і Мішка, відаць, згаджаўся
з Сашкам. Бо гіпотэза была надта прываблівая. Мы так захапіліся ёю, што
зусім забыліся на Гермеса і не сачылі за яго паводзінамі.
А робат не траціў часу, нашы здагадкі яго не цікавілі, яму патрэбны
былі толькі факты. Неўзабаве ён папярэдзіў нас, што зарад балонаў паменшыўся
напалавіну. Мы адмахнуліся. Але праз некалькі хвілін ён раптам ашаламіў нас.
У шлемафонах прагучала: "Лісцік серабрыстай таполі".
Мы павярнуліся і, здаецца, між тых самых замшэлых аслізлых каменняў
убачылі, як пад святлом Гермесавага ліхтара нешта бліснула. Я пазнаў свой
лісцік. Вока ў Гермеса было праніклівае, дакладнае, а памяць яшчэ, відаць,
лепшая: ён не забыў майго расказу.
Вядома, мы больш не маглі тут заставацца. Мы павінны былі імчаць да
свайго тэлепрыёмніка з аўтаматычнай настройкай. Гермес нешта бубнеў сабе,
нібы хацеў нас затрымаць. Але яго ніхто не слухаў.
Праз якую гадзіну Сашка ўжо наладжваў прыёмнік, злучаючы антэну з
серабрыстай металічнай пласцінкай, якая мела форму таполевага лісціка. Мы з
Мішкам, вядома, былі побач, а Гермес, як надоечы, стаяў, прыхінуўшыся да
вушака.
Гэта была хвалюючая хвіліна. Мы дрыжалі ад нецярпення, ад боязі, што
зноў будзе няўдача.
Нарэшце экран засвяціўся, нібы вярнуўшы нас на дно ляснога возера.
Паказаліся знаёмыя руіны падводнага паселішча. Вось-вось павінен быў
з'явіцца, як тады, чалавек. І раптам экран патух. Гэты лісцік меў, напэўна,
яшчэ меншы запас інфармацыі. Мы прыйшлі ў роспач.
- Вазьмі! - прагучала ў пакоі.
Мы яшчэ не прывыклі да голасу свайго кібернетычнага памочніка і
недаўменна круцілі галовамі: хто гэта тут?
- Вазьмі! - Гермес адарваўся ад дзвярэй і зрабіў крок да стала,
трымаючы на раскрытай далоні яшчэ адзін лісцік.
Сашка схапіў яго, ірвануўся да тэлепрыёмніка, але затрымаўся і сказаў:
- Ты добры хлопец, Гермес!
Робат нічога не адказаў, яго не праграміравалі, каб рэагаваў на
пахвалу. Але ўсё роўна ён быў малайчына.
Зноў свяціўся экран. Зноў на ім віднеўся чалавек, апрануты ў просты і
прыгожы касцюм, падобны на сучасны спартыўны, і нешта гаварыў.
Хутчэй за ўсё інфармацыйны змест нашага лісціка быў абмежаваны. Бо
неўзабаве і гэта перадача скончылася амаль на тым жа кадры, дзе чалавек
пачынаў гаварыць.
- Але я цябе перахітру, - Сашка адшпурнуў лісцік ад сябе і нецярпліва
крыкнуў робату: - Дай яшчэ адзін! - думаў, відаць, што ў таго іх невычэрпны
запас.
- Не трэба, - нечакана запярэчыў Гермес. - Крыніца выпраменьвання на
паўднёвым усходзе, адхіленне тры градусы ад мерыдыяна, адлегласць пяцьдзесят
кіламетраў.
- Што ты там пляцеш, - узлаваўся Сашка.
І я гатовы быў далучыцца да яго, падумаўшы, што нездарма робата спісалі
з касмічнага флоту.
Адзін Мішка, здаецца, усё яшчэ верыў Гермесу.
- Дзе, дзе? - перапытаў ён і раптам выпаліў: - Археалагічная станцыя!
Гермес удакладніў:
- Трэба праверыць.
Без натхнення адправіліся мы ў новае падарожжа. Яно не абяцала нічога
цікавага. Мішка адразу разбіў Сашкаву гіпотэзу аб касмічных прышэльцах і
сказаў, што археолагі, напэўна, памагаюць кіношнікам здымаць фільм пра
старажытную Зямлю. Бадай, ён меў рацыю. І я спрабаваў супакоіць сяброў - мы
ж здадзім экзамен, бо заданне настаўніка выканалі.
Я не памыліўся наконт экзамену. Толькі дарэмна так песімістычна
глядзелі наперад мае хлопцы. Тое, пра што мы даведаліся ў археолагаў,
аказалася не менш цікава, чым касмічныя госці.
Возера сапраўды ўтварылася пяць гадоў таму назад пасля моцнага
землетрасення. Вучоныя зацікавіліся рэшткамі старажытнай цывілізацыі, якая
пасля працяглага знаходжання ў зямлі адкрылася на дне. Але яны зараз зусім
не памагалі кіношнікам рабіць гістарычны фільм. Яны працавалі на сябе.
Нядаўна быў вынайдзены спосаб здымаць адбіткі таго, што некалі даўно бачылі
прадметы мёртвай прыроды. Вось, выкарыстоўваючы гэты спосаб, археолагі і
прымусілі загаварыць каменні даўняга паселішча. Хвалі з адбіткамі і прымаў
наш тэлепрыёмнік. Археолагі абяцалі паказаць нам пасля канікулаў фільм.
А лісцікі?.. Яны не мелі да гэтага ніякага дачынення. Хоць у свой час і
ўпрыгожвалі парталы мясцовых будынкаў. І яны зусім не выпраменьвалі, як мы
думалі. Гермес пра гэта хутка здагадаўся. Але на тое ён і меў электронны
мозг, каб улічваць усе магчымыя варыянты...
Настаўнік паставіў нам на экзамене станоўчую адзнаку. Аднак не гэта
ўзрадавала нас. Віншуючы з пераходам у восьмы клас, ён раптам сказаў:
- Мне дазволілі з вамі экскурсію на Месяц.
Гэта было цудоўна і нечакана. Але нават Сашка ў той раз не закрычаў
"ура". Толькі сказаў:
- А Гермеса возьмем?
- А што, хіба ён засумаваў па прасторы? - усміхнуўся настаўнік.
А мне здаўся нейкі прытоены боль у гэтай ягонай усмешцы. Відаць, па
космасу сумуюць не толькі робаты.
Last-modified: Sun, 26 Oct 2003 09:53:16 GMT